«САСУНЦЫ́ ДАВІ́Д»,
«Давід Сасунскі», гераічны эпас армянскага народа. Упершыню запісаны ў 1874 Г.Срвандзцянам. Складаецца з 4 адгалінаванняў: «Санасар і Багдасар», «Мгер Старэйшы», «Сасунцы Давід» (гал.), «Мгер Малодшы».
Ствараўся на працягу стагоддзяў нар. казачнікамі-віпасанамі. На пачатку ўзнікнення ў аснове эпасу — паўстанне сялян 851 супраць зборшчыкаў даніны Арабскага халіфата ў Сасуне (Зах. Арменія). Гал. герой эпасу — Давід — мае некат. падабенства з кіраўніком паўстання. У эпасе знайшлі водгук і пазнейшыя гіст. падзеі. Асн. сюжэтная лінія — барацьба за вызваленне радзімы. Героі эпасу — носьбіты справядлівасці, мужнасці, гераізму, сапраўднага патрыятызму. «С.Д.» вызначаецца велічнасцю вобразаў, дынамізмам дзеяння, трапнасцю і лаканічнасцю мовы.
Публ.: Рус. пер. — Давид Сасунский. М., 1958.
Літ.:
Давид Сасунский: Юбилейный сб., посв. 1000-летию эпоса. Ереван, 1939;
Зарьян Н.Е. Давид Сасунский: Повесть по мотивам арм. эпоса. М., 1972.
т. 14, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)